ЛІЗАВЕ́ТА I (Elizabeth),

Цюдар (7.9.1533, Грынвіч, цяпер у складзе Лондана — 24.3.1603), англійская каралева [1558—1603], апошняя з дынастыі Цюдараў. Дачка Генрыха VIII. На троне пасля смерці Марыі Цюдар. Пры ёй у краіне канчаткова ўсталяваўся пратэстантызм (англіканская царква), заключаны мір з Францыяй (1559), упарадкавана фін. сістэма, створаны шэраг гандл. кампаній (у т. л. Ост-Індская кампанія), вялася барацьба з каталіцкай апазіцыяй на чале з Марыяй Сцюарт. У знешняй палітыцы ўзмацніліся гандл. і калан. экспансія Англіі (у т. л. ў Ірландыю), саперніцтва за панаванне на моры з Іспаніяй (разгром ісп. «Непераможнай армады» ў 1588). Асабіста падтрымлівала Ф.Дрэйка. Перыяд яе праўлення характарызуецца росквітам навукі, л-ры і мастацтва.

Літ.:

Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.

Лізавета I. Маст. Н.​Хіліярд. 1585.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)